Парадак выдачы лістка непрацаздольнасці па цяжарнасці і родах вызначаны пастановай Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 09.07.2002 № 52/97. Лісток непрацаздольнасці па цяжарнасці і родах выдаецца лекарам акушэрам-гінеколагам з 30 тыдняў цяжарнасці на 126 дзён у арганізацыі аховы здароўя, дзе назіраецца цяжарная (жанчынам, якія пражываюць на тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання – з 27 тыдняў цяжарнасці на 146 каляндарных дзён). Студэнтам, якія навучаюцца на дзённых аддзяленнях у прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых установах адукацыі, у тым ліку на платнай форме, лісток непрацаздольнасці па цяжарнасці і родах выдаецца ў агульным парадку.
Запіс на медыцынскі агляд на допуск да кіравання транспартнымі сродкамі ва УП «24-я гарадская паліклініка спецмедаглядаў» ажыццяўляецца па тэлефонах (гарадскі: +375 17 237-05-60, мабільныя: +375 29 559-45-77 (МТС), +375 44 735-74-46 (Velcom), праз Інтэрнэт і ў парадку самазапісу ў аддзяленні па аглядзе кіроўцаў.
Для праходжання вадзіцельскай медыцынскай камісіі неабходна прадставіць у рэгістратуру УП «24-я гарадская паліклініка спецмедаглядаў» выпіску з медыцынскіх дакументаў паліклінікі па месцы абслугоўвання ў г. Мінску (з указаннем дазволу на абслугоўванне), пашпарт, ваенны білет для мужчын, два фота 3х4. Звесткі з наркалагічнага і псіхіятрычнага дыспансераў (па месцы Вашай рэгістрацыі) УП «24-я гарадская паліклініка спецмедаглядаў» запытае самастойна пры наяўнасці Вашай заявы, тэрмін выканання — на працягу тыдня, але Вы можаце самастойна даць гэтую інфармацыю для паскарэння працэдуры.
Для афармлення даведкі аб стане здароўя неабходна прад’явіць у рэгістратуру УП «24-я гарадская паліклініка спецмедаглядаў» наступныя дакументы:
пашпарт або іншы дакумент, які сведчыць асобу;
напраўленне з месца працы з указаннем № дагавора, заключанага паміж арганізацыяй і УП «24-ая паліклініка спецмедаглядаў», віду аплаты (наяўная, безнаяўная) або чэка аб аплаце ў касе паліклінікі кошту медыцынскіх паслуг згодна з прэйскурантам (для прыватных асоб), які вяртаецца па завяршэнні медыцынскага агляду;
выпіска з медыцынскіх дакументаў арганізацыі аховы здароўя па месцы абслугоўвання, якая змяшчае звесткі аб рэнтгенафлюараграфічным абследаванні, прышчэпках АДС па ўзросце;
фатаграфія 3х4 см;
аналіз кала для правядзення лабараторных даследаванняў.
Больш падрабязную інфармацыю аб праходжанні медыцынскіх аглядаў Вы можаце атрымаць на сайце:
24gp.by
Грамадзянін (яго законны прадстаўнік) можа абскардзіць заключэнне спецыялізаванай, міжраённай (раённай, гарадской) камісіі ў 30-дзённы тэрмін на падставе пісьмовай заявы, якая падаецца ў камісію, якая праводзіла медыка-сацыяльную экспертызу, альбо ў цэнтральную камісію. Камісія, якая праводзіла медыка-сацыяльную экспертызу грамадзяніна, у трохдзённы тэрмін з дня рэгістрацыі яго пісьмовай заявы накіроўвае яго заяву, акт агляду з даданнем усіх наяўных дакументаў у цэнтральную камісію. Цэнтральная камісія не пазней за 30 дзён з дня рэгістрацыі пісьмовай заявы грамадзяніна праводзіць яго медыка-сацыяльную экспертызу (агляд па абскарджанню) і на падставе атрыманых вынікаў выносіць заключэнне МРЭК. У выпадку абскарджання грамадзянінам заключэння цэнтральнай камісіі галоўны ўрач МРЭК адпаведнай вобласці (г. Мінска) даручае правядзенне медыка-сацыяльнай экспертызы іншаму складу лекараў-экспертаў цэнтральнай камісіі МРЭК. Пры нязгодзе грамадзяніна (яго законнага прадстаўніка) з заключэннем МРЭК, вынесеным пры аглядзе па абскарджанні, у 30-дзённы тэрмін яго медыцынскія экспертныя дакументы могуць быць разгледжаны пры правядзенні незалежнай медыцынскай экспертызы ў парадку, устаноўленым Урадам Рэспублікі Беларусь. Заключэнні цэнтральнай камісіі могуць быць абскарджаныя грамадзянінам у судовым парадку і ў тэрміны, устаноўленыя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Больш падрабязную інфармацыю па пытаннях медыка-сацыяльнай экспертызы Вы можаце атрымаць на сайце:
www.mrek.by
У Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку ў г. Мінску, з мэтай паляпшэння якасці медыцынскай дапамогі цяжарным жанчынам і нованароджаным дзецям функцыянуе рознаўзроўневая сістэма перынатальнай дапамогі. Загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 23.01.2012 № 52 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб рознаўзроўневай сістэме перынатальнай дапамогі і парадку яе функцыянавання ў Рэспубліцы Беларусь» вызначаны паказанні для шпіталізацыі ў родадапаможныя ўстановы па тэрытарыяльным прынцыпе. Установа аховы здароўя «Гарадскі клінічны радзільны дом № 2» з’яўляецца перынатальным цэнтрам I ўзроўню. У дадзеным цэнтры аказваецца спецыялізаваная медыцынская дапамога ў выпадку заўчасных родаў і іншых цяжкіх ускладненняў цяжарнасці жанчынам г. Мінска і іх нованароджаным дзецям. Такім чынам, Вы можаце быць шпіталізаваны ў радзільны дом №2 толькі пры наяўнасці паказанняў для шпіталізацыі ў перынатальны цэнтр I ўзроўню або на платнай аснове пры наяўнасці ўмоў (свабодных месцаў) у паказанай установе.
У адпаведнасці з пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 22.12.2008 № 229 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку аказання медыцынскай дапамогі грамадзянам Рэспублікі Беларусь па-за іх месцам жыхарства (месцам знаходжання) і прызнанні страціўшым сілу пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 10.06.2002 г. № 29» медыцынская дапамога можа аказвацца ў любой дзяржаўнай медыцынскай установе Рэспублікі Беларусь. Для атрымання медыцынскай дапамогі па-за месцам жыхарства Вам неабходна звярнуцца да галоўнага ўрача дзяржаўнай установы аховы здароўя з пісьмовай заявай аб часовым замацаванні Вас на медыцынскае абслугоўванне за дадзенай установай. Пры падачы заявы аб часовым замацаванні Вы абавязаны прад’явіць пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.